Menu

БЫЦЬЦЁ 27

NJO

1 I сталася, што Ісаак састарэў, і зацемрыліся вочы ягоныя, так што ня мог бачыць, і паклікаў ён Эзава, сына свайго старэйшага, і сказаў яму: “Сыне мой”. І той сказаў яму: “Вось я”. 2 I ён сказаў: “Вось, я састарэў, ня ведаю дня сьмерці маёй. 3 I цяпер вазьмі прылады твае, сагайдак твой і лук твой, і пайдзі ў поле, і ўпалюй мне дзічыны, 4 і зрабі мне прысмакі, якія я люблю, і прынясі мне, і я паем, каб дабраславіла цябе душа мая раней, чым я памру”. 5 А Рэбэка чула, як Ісаак казаў Эзаву, сыну свайму. I пайшоў Эзаў у поле, каб упаляваць дзічыны і прынесьці яе. 6 І сказала Рэбэка Якубу, сыну свайму, кажучы: “Вось, я чула бацьку твайго, як ён казаў брату твайму Эзаву, кажучы: 7 “Прынясі мне дзічыны і зрабі мне прысмакі, і я буду есьці, і дабраслаўлю цябе перад абліччам ГОСПАДА, перад сьмерцю сваёй”. 8 I цяпер, сыне мой, паслухай голасу майго ў тым, што я загадваю табе. 9 Пайдзі да авечак і вазьмі мне адтуль двух казьлянят добрых; і я прыгатую з іх прысмакі для бацькі твайго, якія ён любіць. 10 I ты прынясеш іх бацьку твайму, і ён зьесьць, каб ён дабраславіў цябе перад сьмерцю сваёю”. 11 I сказаў Якуб Рэбэцы, маці сваёй: “Вось жа Эзаў, брат мой, чалавек касматы, а я — чалавек гладкі. 12 Можа, памацае мяне бацька мой, і я буду ў вачах ягоных як той, які ашуквае яго, і навяду на сябе праклён, а не дабраславеньне”. 13 I сказала яму маці ягоная: “На мне [будзе] праклён твой, сыне мой, толькі паслухай голасу майго і ідзі, і вазьмі мне”. 14 І ён пайшоў, і ўзяў, і прынёс маці сваёй, і зрабіла маці ягоная прысмакі, якія любіў бацька ягоны. 15 I ўзяла Рэбэка адзежу Эзава, сына свайго старэйшага, найкаштоўнейшую, што была ў яе дома, і апранула Якуба, сына свайго малодшага, 16 і скуркамі казьлянят абкруціла рукі ягоныя і гладкую шыю ягоную, 17 і дала прысмакі і хлеб, які яна зрабіла, у рукі Якуба, сына свайго. 18 I ўвайшоў ён да бацькі свайго, і сказаў: “Ойча мой!” I сказаў ён: “Вось я. Хто ты, сыне мой?" 19 I сказаў Якуб бацьку свайму: “Я — Эзаў, першародны твой. Я зрабіў, як ты сказаў мне, Устань, сядзь і еш дзічыну маю, каб дабраславіла мяне душа твая”. 20 I сказаў Ісаак сыну свайму: “Як гэта так хутка ты знайшоў яе, сыне мой”. А той сказаў: “Бо справіў гэта ГОСПАД, Бог твой, перад абліччам маім”. 21 I сказаў Ісаак Якубу: “Наблізься, я памацаю цябе, сыне мой, ці ты сын мой Эзаў, ці не”. 22 I наблізіўся Якуб да Ісаака, бацькі свайго, і ён памацаў яго, і сказаў: “Голас — голас Якуба, але рукі — рукі Эзава”. 23 І не пазнаў яго, бо рукі ягоныя былі як рукі брата ягонага, касматыя, і дабраславіў яго. 24 I сказаў: “Ці ты — сын мой Эзаў?” І ён сказаў: “Я”. 25 I сказаў: “Дай мне, і я буду есьці дзічыну, сыне мой, каб дабраславіла цябе душа мая”. I ён даў яму, і ён еў; і прынёс яму віна, і ён піў. 26 I сказаў яму Ісаак, бацька ягоны: “Наблізься і пацалуй мяне, сыне мой”. 27 I ён наблізіўся, і пацалаваў яго. I адчуў ён пах адзежы ягонае, і дабраславіў яго, і сказаў: “Вось, пах сына майго, як пах поля, якое дабраславіў ГОСПАД. 28 I няхай дасьць табе Бог расу з неба і тлустасьць з зямлі, і мноства збожжа і віна. 29 Няхай служаць табе народы, і няхай кланяюцца табе плямёны. Будзь гаспадаром над братамі тваім, і няхай кланяюцца табе сыны маці тваёй. Хто праклінае цябе, будзе пракляты, а хто дабраслаўляе цябе, будзе дабраславёны”. 30 I сталася, калі скончыў Ісаак дабраслаўляць Якуба, і вось, адыходзячы, адыйшоў Якуб ад аблічча Ісаака, бацькі свайго, Эзаў, брат ягоны, прыйшоў з паляваньня свайго. 31 I зрабіў ён таксама прысмакі, і прынёс бацьку свайму, і сказаў бацьку свайму: “Устань, ойча мой, і зьеш дзічыну сына свайго, каб дабраславіла мяне душа твая”. 32 I сказаў яму Ісаак, бацька ягоны: “Хто ты?” І ён сказаў: “Я — сын твой першародны Эзаў”. 33 I задрыжэў Ісаак дрыжэньнем вельмі вялікім, і сказаў: “Хто ж быў той, які ўпаляваў дзічыну і прынёс мне, і я еў усё перш, чым ты прыйшоў, і я дабраславіў яго? Ён будзе дабраслаўлёны”. 34 Калі пачуў Эзаў словы бацькі свайго, закрычаў крыкам вялікім і надта горкім, і сказаў бацьку свайму: “Дабраславі мяне, таксама і мяне, ойча мой!" 35 I сказаў той: “Брат твой прыйшоў падступна і ўзяў дабраславеньне тваё”. 36 I сказаў ён: “Ці не таму названае імя ягонае Якуб, і вось, ашукаў мяне ўжо двойчы! Ён забраў першародзтва маё, і вось цяпер забраў дабраславеньне маё”. I сказаў: “Няўжо ты не захаваў для мяне дабраславеньня?" 37 I адказаў Ісаак, і сказаў Эзаву: “Вось, я паставіў яго гаспадаром над табою, і ўсіх братоў ягоных аддаў яму за слугаў, і збожжам і віном абдарыў яго. А табе што я зраблю, сыне мой?" 38 I сказаў Эзаў бацьку свайму: “Ці [толькі] адно дабраславеньне ў цябе, ойча мой? Дабраславі мяне, таксама мяне, ойча мой!” I узвысіў Эзаў голас свой, і заплакаў. 39 I адказаў Ісаак, бацька ягоны, і сказаў яму: “Вось, далёка ад тлустасьці зямлі будзе месца жыцьця твайго і [далёка] ад расы з неба з гары, 40 і з мяча свайго будзеш жыць, і брату свайму будзеш служыць. І станецца, што ты запануеш, і скінеш ярмо ягонае з шыі сваёй”. 41 I зьненавідзеў Эзаў Якуба дзеля дабраславеньня, якім дабраславіў яго бацька ягоны, і сказаў Эзаў у сэрцы сваім: “Набліжаюцца дні жалобы па бацьку маім, і я заб’ю Якуба, брата майго”. 42 I распавялі Рэбэцы словы Эзава, сына ейнага старэйшага, і яна паслала, і паклікала Якуба, сына свайго малодшага, і сказала яму: “Вось, Эзаў, брат твой, суцяшае сябе адносна цябе, што заб’е цябе. 43 I цяпер, сыне мой, паслухай голасу майго, і ўстань, уцякай да Лявана, брата майго, ў Харан, 44 і пажыві з ім нейкі час, пакуль адыйдзе гнеў ад брата твайго. 45 Калі адыйдзе гнеў на цябе ад брата твайго, і ён забудзецца, што ты ўчыніў яму, я пашлю і вазьму цябе адтуль. Дзеля чаго маю страціць абодвух у адзін дзень?" 46 I сказала Рэбэка Ісааку: “Абрыдла мне жыцьцё маё з прычыны дачок Хета. Калі возьме Якуб жонку з дачок Хета, якія з дачок гэтае зямлі, дык навошта мне жыцьцё?"

Everything we make is available for free because of a generous community of supporters.

Donate